У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. Яна напаўняе жыццё кожнага беларуса любоўю да роднага краю і бацькавай хаты, самаахвярнай адданасцю свайму народу, адказнасцю за родных і блізкіх.
Патрыятычнае выхаванне ў Беларусі ўключае комплекс сотняў разнапланавых мерапрыемстваў: Правядзенне маладзёжных патрыятычных акцый; пошукава-даследчую работу; добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, абеліскаў, помнікаў і брацкіх магіл Вялікай Айчыннай вайны; турысцка-краязнаўчую і экскурсійную дзейнасць; арганізацыю музейных экспазіцый; шэфства над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу і сем'ямі загінуўшых ваеннаслужачых; валанцёрскі рух.
На Навагрудчыне свята ўшаноўваюць бессмяротны подзвіг герояў, якія адстаялі незалежнасць нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навагрудчане не толькі праяўляюць клопат аб ветэранах, якія жывуць цяпер, але і дапамагаюць захоўваць памяць аб тых, хто загінуў на палях бітваў. Работнікі арганізацый і ўстаноў раёна, члены грамадскіх аб'яднанняў, школьнікі, навучэнцы ССНУ добраўпарадкоўваючы месцы воінскіх пахаванняў, справай даказваюць: ніхто не забыты і нішто не забыта.
Помнікі і абеліскі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны-гэта наша спадчына. І наш абавязак-захаваць гістарычную памяць, якая павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Важна, каб мы ведалі і шанавалі сваіх герояў. Таму мы рэгулярна падтрымліваем у належным стане месцы воінскіх пахаванняў і месцы ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Каб сюды ў любы час маглі прыходзіць мясцовыя жыхары. Каб памяталі і ганарыліся нашымі продкамі, якія адстаялі наша права жыць у свабоднай краіне.
У раёне праведзена інвентарызацыя ўсіх воінскіх пахаванняў і помнікаў. Помнікі ў асноўным устаноўлены ў 60-70-я гады. Абласным саветам дэпутатаў прыняты Рэгіянальны комплекс мер па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах вайны. Штогод выдзяляюцца сродкі на добраўпарадкаванне месцаў памяці.
На пастаяннай аснове праводзіцца рамонт і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў. Так, напрыклад, у апошнія гады, праведзены бягучы, капітальны рамонт: Магілы Невядомага Салдата ў г. Навагрудку; помніка ў гонар Любчанскага падпольнага райкама КП(б)б і партызанскай брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага ў д. Чарэшля; брацкай магілы на заходняй ускраіне д. Скрыдлева; помніка загінулым землякам у цэнтры д. Нягневічы; помніка загінулым землякам у д. Масцішчы і іншыя.
Гледзячы на мемарыяльныя дошкі, на якіх пазначаны сотні і тысячы імёнаў, разумееш, якой цаной нашым землякам, усяму беларускаму народу дасталася свабода і незалежнасць. У нашых сэрцах навечна захаваны шматлікія прыклады мужнасці і доблесці франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў Навагрудчыны, выпрабаванні, якія выпалі на долю мірных жыхароў.
Вайна паступова сыходзіць у мінулае, становіцца толькі старонкай гісторыі. Але ўдзячная памяць нашчадкаў не павінна згасаць…