У Беларусі ў 2020 годзе разлічваюць пачаць рэканструкцыю 12 мастоў. Аб гэтым паведаміў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы шмат увагі ўдзяляем рэканструкцыі мастоў на рэспубліканскіх дарогах. У гэтым годзе плануем пачаць работы на 12 буйных маставых збудаваннях. Падпісалі крэдытнае пагадненне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Цяпер завяршаем усе працэдуры і ў сакавіку будзем аб'яўляць конкурс на выбар падрадчыка", - сказаў Аляксей Аўраменка.
Запланавана і рэканструкцыя асноўных дарог. Рамонт М7 Мінск - Вільнюс пачнецца летам гэтага года і завершыцца да 1 мая 2021-га, праект рэалізуецца сумесна з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. Акрамя таго, у планах на бягучы год - завяршыць рэканструкцыю ўчастка трасы М3 на абходзе Плешчаніц і дарогі Р53 ад Кургана Славы ў напрамку Смалявіч.
Таксама міністр пракаменціраваў пытанне павелічэння колькасці так званых "дазволаў". "Мы з Польшчай абменьваемся на парытэце 199 тыс. дазволаў. Праблема ў тым, што беларускім перавозчыкам неабходна дадаткова 30 тыс. дазволаў, а польскаму боку і так хапае. У гэтым і складанасць перагавораў: мы просім больш, а ім не патрэбна. Будзем весці дыялог: дамовіліся да 15 сакавіка правесці шэраг сустрэч і кансультацый, каб неяк зрушыць пытанне і павялічыць колькасць дазволаў для беларускіх перавозчыкаў", - адзначыў ён.
Што датычыцца адвязкі дарожнага збору ад тэхагляду, то Міністэрства фінансаў падрыхтавала праект указа, дзе прадугледжаны змяненні. "Частка пытанняў будзе вырашана. Напрыклад, прадугледжана магчымасць плаціць гадавую суму дарожнага збору ў растэрміноўку. Яго можа аплаціць праз АРІП. Таксама новы механізм дасць магчымасць плаціць адпаведна таму, ездзіць чалавек або не: калі ў гэтым месяцы ён выкарыстоўвае аўтамабіль, то плаціць, калі не ездзіць, то не. Кантроль будзе весціся з выкарыстаннем сістэмы відэафіксацыі праз параўнанне баз даных. Калі вадзіцель не аплаціў, сістэма яго зафіксуе", - сказаў на заканчэнне міністр.