Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
20.01.2021

У Беларусі стартаваў рэспубліканскі літаратурны конкурс LitUP

Стартаваў I этап рэспубліканскага літаратурнага конкурсу LitUP, вынікі якога падвядуць у час XXVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу 20 лютага. Аб гэтым журналістам паведаміў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта першы ў краіне адбор праектаў для прыярытэтнага выпуску дзяржаўнымі выдавецтвамі работ, што перамаглі ў літаратурным стартапе LitUP, старт якога пачаўся сёння. Лепшыя стартап-праекты наведвальнікі ўбачаць 20 лютага. "У гэтым годзе будзе новаўвядзенне. Пастараемся прадаставіць магчымасць для ўсіх творчых ініцыятыў у літаратурнай плоскасці, для ўсіх жадаючых, хто імкнецца пісаць і рэалізаваць сябе творча. Іх яркія ідэі ў далейшым могуць быць падхоплены выдавецтвамі праз стартап. Мы запрашаем усіх, хто гатовы канкурыраваць і прэзентаваць свае праекты на прафесійным узроўні. Пераможцам будзе прадастаўлена прыярытэтнае права выдавацца ў 2021 годзе", - звярнуў увагу Ігар Бузоўскі.

Паводле яго слоў, XXVIII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш у гэтым годзе стане вельмі своеасаблівай па розных прычынах. "Яна фактычна будзе адзначаць вялікую колькасць юбілеяў. За кожнай лічбай, гісторыяй велізарная колькасць дасягненняў. Яны даюць магчымасць Беларусі рэалізоўваць праекты, аб якіх гавораць, і мы лічым іх нашым гонарам", - адзначыў Ігар Бузоўскі.

Выстаўка абяцае здзівіць чытачоў новымі імёнамі, фарматамі, праектамі. "Эпідэміялагічная сітуацыя бясспрэчна ўнесла праўкі і карэктывы ў правядзенне і падачу традыцыйнай выстаўкі. Не будзе такой вялікай колькасці прадстаўнікоў ад замежжа. Аднак, гэта дазволіла нам укараніць новыя формы работы. Хацелася б адзначыць, што на выстаўцы плануецца змяненне графіка работы. Яна будзе доўжыцца на адзін дзень менш, чым звычайна, але працягласць працоўнага дня павялічыцца на адну гадзіну. Гэта зроблена па той прычыне, што многія хочуць прыехаць пасля работы і наведаць выстаўку. Мы стараемся зрабіць так, каб усе, хто імкнецца сустрэцца з выдавецтвамі, убачыць кнігі, новыя праекты, змаглі гэта ажыццявіць", - падкрэсліў намеснік міністра.

Цэнтральная экспазіцыя выстаўкі будзе сімвалічна аформлена ў стылі адзінага агульнага дома, які, натуральна, складаецца з пакояў. Гасціная, напрыклад, будзе аддадзена цэнтральнай пляцоўцы СНД, на якой наведвальнікі выстаўкі пазнаёмяцца з экспазіцыяй кніг, уладальнікамі Гран-пры міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" СНД за ўсе 17 гадоў правядзення. У кабінеце пісьменніка размесцяць лепшыя кнігі ўсіх 11 краін Садружнасці па гісторыі, культуры, мастацтве, пройдуць сустрэчы пісьменнікаў з наведвальнікамі выстаўкі. На дзіцячай пляцоўцы прадаставяць магчымасць не толькі ўбачыць літаратурныя навінкі, даведацца аб стварэнні кніг, але і цікава правесці час бацькам з дзецьмі.

"Нацыянальны стэнд Беларусі будзе прадстаўлены імправізаванай творчай кухняй з самымі новымі праектамі. Таксама прэзентуем усе кнігі, якія выйшлі ў беларускіх выдавецтвах у 2020 годзе", - расказаў Ігар Бузоўскі. Наведвальнікі выстаўкі будуць мець магчымасць сустрэцца з аўтарамі, героямі кніг, акунуцца ў творчы працэс стварэння твораў нацыянальных аўтараў.

Штогод форум збірае дзясяткі краін. 2021 год стаў асаблівым па прычыне эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, але арганізатары плануюць запрасіць для ўдзелу і правесці мерапрыемства значна шырэй з дапамогай анлайн-фарматаў. "Наш традыцыйны сімпозіум "Пісьменнік і час" - гэта праект, які заслужыў увагу як творчых людзей, так і думаючых над больш глабальнымі пытаннямі ўплыву літаратуры на працэсы, што адбываюцца ў грамадстве. У гэтым годзе плануем правесці яго з анлайн-уключэннем", - дадаў намеснік міністра.

Традыцыйна будзе курсіраваць паэтычны аўтобус, што дазволіць усім жадаючым даехаць да месца правядзення выстаўкі і адначасова пачуць па дарозе творы аўтараў. "Гэта запатрабаваны праект, пляцоўка для пісьменнікаў, якія змогуць непасрэдна ў аўтобусе прадэманстраваць свае творчыя напрацоўкі", - прадоўжыў Ігар Бузоўскі.

У тэатрах і кінатэатрах, на тэлеканалах у дні работы выстаўкі адбудуцца паказы фільмаў, спектакляў паводле твораў вядомых пісьменнікаў Беларусі і іншых краін.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI