Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.02.2020

Дзяржстандарт Беларусі прапануе абмежаваць у ЕЭАС прымяненне неперапрацоўваемай упакоўкі

Дзяржстандарт Беларусі прапануе абмежаваць у Еўразійскім эканамічным саюзе прымяненне неперапрацоўваемай упакоўкі. Аб гэтым паведаміла 27 лютага журналістам першы намеснік старшыні камітэта Ірына Асмола, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прапанавалі ініцыятыву, каб у тэхрэгламент ЕАЭС "Аб бяспецы ўпакоўкі" максімальна ўнесці змяненні, якія абмежавалі б прымяненне неперапрацоўваемай упакоўкі", - сказала Ірына Асмола.

На яе думку, увесці такія меры толькі ў Беларусі было б недастаткова, паколькі ў нашу краіну паступае шмат імпартных тавараў з краін ЕАЭС.

Беларускі бок таксама прапануе вызначыць у саюзе дакладныя крытэрыі, што лічыць біяраскладальнай упакоўкай. "Усе па-рознаму гэта разумеюць. Вельмі важна, каб пад прыгожым словам не было іншых прадуктаў, - растлумачыла першы намеснік старшыні Дзяржстандарту. - Адназначна хочам устанавіць патрабаванне, каб была маркіроўка біяраскладальнай упакоўкі, былі пазначаны спосабы і ўмовы, пры якіх упакоўка будзе раскладацца".

Акрамя таго, сёння ёсць праблемы з ПЭТ-бутэлькамі з этыкеткай з іншага матэрыялу, які нельга перапрацаваць разам з бутэлькай. Прапануецца ўстанавіць патрабаванні, што дазволяць перапрацоўваць такую тару з этыкеткай.

Дзяржстандарт таксама выступае з ініцыятывай забароны лёгкіх палімерных пакетаў, якія складана сабраць і перапрацаваць, а таксама за ўвядзенне забароны на выкарыстанне спажывецкай упакоўкі з успененага полістыролу для харчовай прадукцыі.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)