Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
26.02.2020

"Зіму замыкаці, вясну загукаці": адроджаны абрад пакажуць у выхадныя пад Гроднам

Тэатр народнай песні "Матуліна песня" Жытамлянскага дома фальклору і народная фальклорная група "Жывіца" Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці ў парку вёскі Жытомля Гродзенскага раёна 29 лютага прадэманструюць адроджаны традыцыйны абрад "Гуканне вясны", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры.

"Гэта адно з самых музычных народных свят. У выкананні фальклорных груп прагучыць нямала народных песень-вяснянак. Асаблівасць іх у тым, што кожны куплет заканчваўся падоўжаным гукам "гу-у-у-у-у", - расказалі ў культурна-інфармацыйным цэнтры. Акрамя таго, гледачы ўбачаць тэматычную пастаноўку аб тым, як Зіма ўступае месца Вясне.

Госці, абяцаюць арганізатары, стануць непасрэднымі ўдзельнікамі дзейства. Цікавых традыцый нямала. Гледачы і артысты разам павяжуць на дрэвы рознакаляровыя стужкі - сімвалы квітнеючай вясны. Імітуючы прылёт птушак, у гэты дзень на ручніках падкідаюць пячэнне ў выглядзе жаваранкаў. Яшчэ адна традыцыя - падкіданне каменчыкаў: у каго вышэй - таго жаданні і здзейсняцца. Таксама ў праграме народныя забавы, гульні і, вядома, карагод.

Дарэчы, стужачкі, якія павяжуць на дрэва, і нават традыцыйнае абрадавае пячэнне госці змогуць зрабіць у час свята на спецыяльных майстар-класах. Таксама гасцям свята прапануюць пабудаваць рознакаляровыя шпакоўні, якія развесяць у парку.

Акрамя таго, 29 лютага пройдзе семінар-практыкум для работнікаў культуры, бібліятэкараў, кіраўнікоў фальклорных калектываў, спецыялістаў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамяства Гродзенскага раёна на тэму старадаўніх народных свят і абрадаў, сакральных месцаў, традыцыйных іміджавых мерапрыемстваў рэгіёна як аб'ектаў турыстычнага бізнесу. Свята ў Жытомлі стане практычнай часткай творчай майстэрні семінара.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)