Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
29.09.2020

"Беларуснафта" да канца года павялічыць колькасць электразаправачных станцый да 400

"Беларуснафта" да канца года павялічыць колькасць электразаправачных станцый Malanka да больш як 400, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Плануецца, што да сённяшніх 270 станцый у краіне ў 2020 годзе дададуцца яшчэ больш за 150. Тады агульная колькасць ЭЗС перавысіць 400 адзінак. "Наша галоўная задача - забяспечваць камфорт вадзіцелям электрамабіляў зручным размяшчэннем заправак. Каля гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, на паркоўках супермаркетаў, магазінаў мы ўстанаўліваем хуткія станцыі. Уладальнік электрамабіля, калі прыязджае ў гандлёвы цэнтр, можа падключыць аўто да зараднай станцыі і ісці па сваіх справах. Калі ён вяртаецца, электрамабіль ужо зараджаны. Гэта зручна і камфортна", - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ВА "Беларуснафта" Андрэй Коцік.

Больш за ўсё электразаправачных станцый у Мінску - 171. У 2020 годзе ў сталіцы запланавана ўстаноўка яшчэ 110 хуткіх станцый. Большасць з іх будуць размешчаны ў цэнтры горада, паблізу гандлёвых, забаўляльных і культурна-спартыўных аб'ектаў. Аднак у спальных раёнах сталіцы вадзіцелі электракараў таксама маюць магчымасць зарадкі.

Што датычыцца электразаправачных станцый у іншых рэгіёнах, тут лідзіруе Брэст і Брэсцкая вобласць. Там на гэты год запланавана ўстанавіць 15 электразарадных станцый. Да канца года іх колькасць у Брэсцкай вобласці вырасце да 34. На другім месцы - Гродзенская вобласць, там у гэтым годзе плануецца ўстанавіць 11 ЭЗС. Да канца года агульная колькасць станцый складзе 27. Да канца года Malanka плануе ўстанавіць хуткія ЭЗС і ў іншых абласцях краіны: у Віцебскай - 2, Гомельскай - 10, Магілёўскай - 1, Мінскай - 7. "Упор зроблены менавіта на развіццё хуткіх ЭЗС. Іх устаноўка на буйных аўтамабільных трасах дасць магчымасць вадзіцелям эканоміць час і папаўняць неабходны запас энергіі свайго электракара за лічаныя хвіліны", - адзначылі ў кампаніі.

Паводле ацэнак "Беларуснафты", з пачатку лета колькасць электрамабіляў у Беларусі вырасла ў два разы. Калі ў пачатку вясны гаварылася аб тым, што ў Беларусі крыху больш за 400 электрамабіляў, то ў пачатку жніўня іх стала звыш 800.

У "Беларуснафце" таксама палічылі, на колькі кілават зараджаюцца электрамабілі ў месяц і колькі часу трацяць на гэта. "Так, у жніўні на станцыях Malanka электрамабілі зарадзіліся на 80 тыс. кВт/гадз. Гэта значыць зарадкі, якую атрымалі беларускія электрамабілі, з запасам хапіла б для паездкі з Мінска ў Лісабон. Калі ж перавесці сесіі зарадкі ў гадзіны, то ў месяц на зарадку усіх электрамабіляў пайшло больш за 10 тыс. гадзін", - расказалі ў кампаніі.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI