Галоўная / Навiны / Навiны раёна
09.09.2021

Пакуль мы памятаем - мы жывем і гэтым мы моцныя! У Навагрудку адкрылі помнік - макет танка Т-72

Помнік быў адкрыты 9 верасня на месцы гібелі танкавых экіпажаў пры вызваленні Навагрудка ў ліпені 1944 года.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Юрый Жадобін, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Эльвіра Сарока, ветэраны Узброеных Сіл, прадстаўнікі вайсковых частак, навучэнцы кадэцкіх класаў, гараджане.
Адкрыццё ў г. Навагрудку помніка-макета танка Т-72 (помнік - гэта дэмілітарызаваны (абяззброены, без начынкі), які бязвыплатна перадала нашаму гораду Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Дню народнага адзінства і воінам-вызваліцелям г. Навагрудка.
Падзеі пачатку ліпеня 1944 года назаўжды ўпісаны ў летапіс Навагрудка ... Для абароны горада, асабліва з усходняга кірунку, акупанты падрыхтавалі танкавыя закрытыя пазіцыі, замініравалі палі, усталявалі драцяныя агароджы. Першымі ў Навагрудак уступілі разведчыкі 858-га стралковага палка пад камандаваннем начальніка разведкі Баранава, услед за імі - 143-трэці асобны гвардзейскі штурмавы інжынерна-танкавы полк, 23-я танкавая брыгада 143-трэцяга самаходнага артылерыйскага палка і многія іншыя.
Менавіта на месцы, дзе ўсталяваны макет танка Т-72 8 ліпеня 1944 года адбылася бітва, у якой было падбіта некалькі савецкіх танкаў.
Па ўспамінах старажылаў знішчаныя ў бітве за Навагрудак савецкія танкі стаялі тут яшчэ ў 1946 годзе, а загінулыя танкісты былі пахаваныя побач (іх перапахавалі з ушанаваннямі ў брацкай магіле ў 1952 годзе).
Сімвалічна, што адкрыццё помніка-макета адбылося напярэдадні Дня танкіста (12 верасня).
Наша задача, задача ўсіх пасляваенных пакаленняў - зрабіць усё магчымае, каб мужнасць, доблесць, беззапаветнае служэнне Радзіме салдат Перамогі заўсёды заставаліся ў нашай памяці.
Бо, пакуль мы памятаем - мы жывём і гэтым мы моцныя!