27.01.2021
Будаўніцтва новага азотнага комплексу і работа з калектывам - Ляшэнка пра задачы на новай пасадзе
Ігар Ляшэнка, узгоднены кіраўніком дзяржавы на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Гродна Азот", расказаў журналістам аб асноўных задачах на новай пасадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод ключавых задач Ігар Ляшэнка назваў рэалізацыю праекта па будаўніцтве новага азотнага комплексу, які, паводле яго слоў, "глабальны не толькі для канцэрна "Белнафтахім", але і вельмі адчувальны для ўсёй краіны". Вынікі, якія павінны быць атрыманы ў ходзе рэалізацыі гэтага праекта, маюць важнае значэнне для беларускіх сельгаспрадпрыемстваў, а таксама для павелічэння экспартнага патэнцыялу краіны.
"Другая задача, якую там трэба рэалізаваць, - глыбокая мадэрнізацыя ўжо існуючых магутнасцей. Прычым яна павінна прайсці без спынення асноўнай вытворчасці (у перыяд капітальных рамонтаў) і з прыростам магутнасцей", - сказаў Ігар Ляшэнка.
Пры гэтым ён зрабіў акцэнт на неабходнасці забяспечыць стабільную работу прадпрыемства, улічваючы яго спецыфіку і экалагічныя рызыкі. "Усё павінна працаваць так, каб не выклікаць ніякіх сумненняў. Мы павінны быць абсалютна ўпэўнены, што і наяўныя магутнасці, і новыя магутнасці будуць працаваць бяспечна і эфектыўна", - падкрэсліў Ігар Ляшэнка.
Новы кіраўнік таксама асабліва адзначыў важнасць работы з калектывам "Гродна Азота". "Ад каманды залежыць заўсёды ўсё. Гэта маё асабістае перакананне і мой асабісты вопыт, - сказаў ён. - Калектыў "Гродна Азота" мне добра вядомы. Таму будзем працаваць, будзем дасягаць пастаўленых задач".-0-