Мінпрацы нагадала аб патрабаваннях пры складанні графіка водпускаў
02.11.2024
На прадпрыемствах і ў арганізацыях Беларусі набліжаецца час планавання працоўных водпускаў на наступны год. У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны карэспандэнту БЕЛТА пракаменціравалі, на якія патрабаванні заканадаўства пры гэтым трэба абапірацца наймальнікам і работнікам.
"Як правіла, лістапад і снежань - гэта месяцы, у якія работнікі і наймальнікі (у арганізацыях любой формы ўласнасці ў абавязковым парадку) пачынаюць планаваць працоўныя водпускі на наступны каляндарны год. Графік складаецца не пазней за 5 студзеня. Або іншы тэрмін, устаноўлены калектыўным дагаворам, пагадненнем або ўзгоднены наймальнікам з прафсаюзам. Пры гэтым работнікам важна ўлічыць не толькі асабістыя інтарэсы (а наймальнікам - інтарэсы вытворчасці), але і патрабаванні заканадаўства".
Так, графік устанаўлівае чарговасць прадастаўлення працоўных водпускаў для ўсіх работнікаў арганізацыі без выключэння і абавязкова даводзіцца да ведама кожнага з іх. Перад гэтым ён зацвярджаецца наймальнікам і, калі таго патрабуе калектыўны дагавор, узгадняецца з прафсаюзам. Прадастаўленне працоўнага водпуску штогод на працягу рабочага года - гэта абавязак работадаўца.
"Пры складанні графіка працоўных водпускаў наймальніку неабходна ўлічыць перш за ўсё меркаванне работніка, калі ён пойдзе ў водпуск. Таксама ён абавязаны запланаваць водпуск асобным катэгорыям работнікаў па іх жаданні ў летні або іншы зручны час ці ў пэўны перыяд", - дадалі ў Мінпрацы.
У ведамстве нагадалі і аб мерах адказнасці за невыкананне службовай асобай устаноўленага парадку прадастаўлення работнікам водпускаў. За такія дзеянні можна паплаціцца штрафам у памеры ад 2 да 20 базавых велічынь (1 БВ - Br29).-0-