Версія для друку
Памер
+
Друк

Больш за 250 беларускіх і расійскіх студатрадаўцаў будуць працаваць на будоўлі ў Астраўцы

Больш за 250 беларускіх і расійскіх студатрадаўцаў будуць працаваць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі - 2019 у Астраўцы, паведаміў журналістам другі сакратар ЦК ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Алег Дзікун перад адкрыццём працоўнага семестра на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яны ўвайшлі ў склад зводнага студэнцкага будаўнічага атрада імя двойчы Героя Савецкага Саюза, маршала Мікалая Іванавіча Крылова, пад камандаваннем якога ў ліпені 1944 года праходзіла вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Астравецкага раёна.

"Гэта не першы год работы нашых студатрадаўцаў у Астраўцы. Будаўніцтва АЭС падыходзіць да завяршэння, горад актыўна развіваецца, нашы байцы будуць працаваць на будаўніцтве жылой інфраструктуры, дарожнай сеткі, дзіцячых садоў, школ, будуць завяршаць рэканструкцыю бальніцы. У нас традыцыйна вялікі конкурс для работы на гэтых аб'ектах, будаўніцтва якіх нашай моладзі давярае дзяржава", - расказаў Алег Дзікун.

Ён падкрэсліў, што традыцыйна на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі працуе беларуская і расійская моладзь. "Ужо не першы год да нас прыязджаюць студатрады з Расіі. Мы ганарымся тым, што гэта адны з лепшых атрадаў. І прыемна, што моладзь едзе дадому з прыемнымі ўспамінамі пра Беларусь і імкнецца зноў сюды прыехаць", - дадаў другі сакратар ЦК БРСМ.

Неабходна адзначыць, што падбор байцоў для работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, як і раней, праходзіў на конкурснай аснове з улікам узросту - старэйшыя за 18 гадоў, здароўя, наяўнасці будаўнічай спецыяльнасці не ніжэйшай за другі-трэці разрад, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Улічваючы станоўчы вопыт работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі мінулыя гады, дагавор на арганізацыю дзейнасці студэнцкіх атрадаў заключаны з пяццю падраднымі арганізацыямі: ААТ "Гроднапрамбуд", РУП "Белэнергабуд", а таксама прадстаўніцтвамі ў Беларусі АТ "Сезам", АТ "НІКІМТ-Атамбуд", ПАТ "Энергаспецмантаж".

У адпаведнасці з кваліфікацыяй студатрадаўцы будуць выконваць геадэзічныя, падрыхтоўчыя, земляныя, бетонныя, аддзелачныя, малярныя работы, розныя віды арміравання, займацца ўкладкай тратуарнай пліткі. Прымаючыя арганізацыі забяспечаць удзельнікаў зводнага атрада спецадзеннем, транспартам для дастаўкі да месца выканання работ і назад. Моладзь будзе забяспечана жыллём у інтэрнатах субпадрадных арганізацый за кошт сродкаў наймальнікаў, а таксама трохразовым харчаваннем. Працоўны семестр для зводнага беларуска-расійскага студэнцкага будаўнічага атрада прадоўжыцца ў гэтым годзе па 25 жніўня.

Аплата працы студатрадаўцаў будзе праведзена па фактычнай выпрацоўцы за адпрацаваны час. Які з атрадаў і хто з наймальнікаў па выніках работы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі стануць пераможцамі конкурсу на лепшы студэнцкі атрад і лепшую прымаючую арганізацыю - пакажа час. Дарэчы, пераходны сцяг лепшага студэнцкага атрада па выніках 2018 года ўручаны будатраду "Эўрыка" Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, які працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Пераходны сцяг лепшай прымаючай арганізацыі - сельскагаспадарчаму філіялу "Цяплічны" РУП "Віцебскэнерга".

Статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі прысвоены аб'ектам сацыяльнай інфраструктуры, якія будуюцца ў Астраўцы. Гэта прадугледжана ўказам нумар 190. У Астраўцы запланавана ўзвядзенне шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу, крытай лядовай пляцоўкі, школы, бальніцы, дзіцячага сада, аўтавакзала. Да будаўніцтва аб'ектаў прапануецца прыцягваць не толькі студэнцкія атрады, але і маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія выказалі жаданне тут папрацаваць.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
http://novogrudok.gov.by/by/region-news-by/view/bolsh-za-250-belaruskix-i-rasijskix-studatradautsau-buduts-pratsavats-na-budouli-u-astrautsy-16356/

© Навагрудскі раённы выканаўчы камітэт, 2016
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА