Афіцыйны сайт
Адрас райвыкамкама:
231400, г. Навагрудак,
вул.Міцкевіча, 11
Электронная пошта:
novogrudok_rik@mail.grodno.by
Тэлефон: (8-015-97)-2-28-18
Факс: (8-015-97)-2-29-33

11 кастрычніка 2019

Вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі пройдзе ў Астравецкім раёне 11 кастрычніка

Дэманстрацыйнае вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі з задзейнічаннем сістэмы апавяшчэння адбудзецца 11 кастрычніка ў Астравецкім раёне, паведамілі БЕЛТА ў МНС.

Беларускія ведамствы маюць намер удасканаліць зладжанасць і аператыўнасць дзеянняў пры ўзнікненні НС, выпрацаваць кіраўніцкія рашэнні і адтрэніраваць інфармацыйнае ўзаемадзеянне. "Каб не ствараць нязручнасцей грамадзянам, адпрацоўка эвакуацыі пройдзе з прыцягненнем статыстаў. Напярэдадні ратавальнікі адрасна праінфармавалі ўсіх жыхароў вёсак - 183 чалавекі ў васьмі населеных пунктах", - расказалі ў МНС.

Персанал АЭС прадэманструе дзеянні па лакалізацыі і ліквідацыі аварый на рэактарным абсталяванні, эвакуацыю і ўкрыццё ў ахоўных збудаваннях, функцыянаванне крызіснага цэнтра і інфармацыйнае ўзаемадзеянне. Падраздзяленні МНС ліквідуюць пажар склада дызельнага паліва ва ўмовах аварыйнай абстаноўкі.

"На выездзе з в. Баброўнікі для рэгістрацыі грамадзян і выдачы адпаведных пасведчанняў будзе арганізаваны зборны эвакуацыйны пункт. У медпункце забяспечаць сродкамі аховы, правядуць ёдную прафілактыку. Для выезду з умоўна брудных зон у чыстыя прадугледжаны кантрольна-размеркавальныя пункты. Ахову грамадскага парадку забяспечаць работнікі РАУС. У пункце часовага рассялення на базе мясцовай гімназіі арганізуюць выдачу адзення, харчавання, будуць аказваць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу", - праінфармавалі ў МНС.

Плануецца задзейнічаць звыш 270 чалавек і больш як 40 адзінак тэхнікі, уключаючы сілы і сродкі МНС, Мінабароны, Дзяржпагранкамітэта, Міністэрства аховы здароўя і іншых арганізацый, а таксама падраздзяленняў дзяржкарпарацыі "Расатам".

Праводзячы вучэнне, Беларусь дзейнічае ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і зыходзіць з безумоўнай прыярытэтнасці забеспячэння бяспекі пры рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)